РУЖА́НСКІЯ СУКО́ННЫЯ ПРАДПРЫЕ́МСТВЫ Дзейнічалі з канца 18 ст. да 1914 у мяст. Ружаны
(Пружанскі р-н Брэсцкай вобл.). У 18 ст. ў маёнтку кн. Сапегі выраблялі абрусы, дываны, маст. паясы. У 18—19 ст. створана каля 30 палатняных і суконных мануфактур, на якіх працавалі 2 тыс. рабочых. Найб. была суконная мануфактура (1780—1861),
на якой у розны час працавала ад 20 да 159 рабочых; выпускала ад 4,8 да 32 тыс. аршынаў сукна. Другая суконная мануфактура ў 1785—1880 вырабляла шоўк, паясы, сукно, байку, атлас, сталовыя абрусы; у 1815 выпусціла 12,2 тыс. аршынаў сукна. Шарсцяная ф-ка ў 1837—1906 вырабляла сукно і коўдры. У 1874 працавала 150 рабочых, выпушчана 110 тыс. аршынаў сукна, у 1890—8 тыс. шт. коўдраў. У пач. 20 ст. выпуск тканін у Ружанах пачаў скарачацца ў сувязі з канкурэнцыяй Беластоцкага прамысл. раёна.
т. 13, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)